
Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў, які ў траўні 2020 быў затрыманы ў Гародні у той час калі з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, падаў індывідуальны зварот супраць лукашэнкаўскай Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Зміцер кажа, што ў складанні скаргі яму дапамагаў Праваабарончы цэнтр «Вясна»:
– Гэты зварот быў падрыхтаваны юрыстамі з «Вясны» па маіх дадзеных. То бок, я спачатку звярнуўся да «Вясны», там ёсць аддзел, які дапамагае пісаць скаргі. І такім чынам, мы напісалі скаргу на тое, што мяне затрымалі і трымалі паўтара года ў турме. Я лічу, што гэта зроблена не па законе, а проста ім так захацелася.
Па словах Зміцера, яго задаволіць любы адказ ад Беларусі, нават калі і адказу не будзе:
– Тады гэта будзе таксама лічыцца адказам. Па сутнасці адсутнасць адказу – гэта таксама адказ. Гэта нават яшчэ горш чым нейкая адпіска. Я лічу, гэта таксама можна лічыць паразай уладаў у Беларусі. А калі адкажуць, то будзем далей думаць, што рабіць з гэтым адказам. У любым выпадку, ці будзе дзеянне з іх боку, ці не, – неістотна, усё адно махавік закону працуе і будзем спадзявацца, ён не спыніцца.
Зміцер Фурманаў пасля выхаду на волю ў кастрычніку 2021 году быў вымушаны з’ехаць за мяжу з-за новага пераследу і цяпер жыве ў Літве.
Беларускае Радыё Рацыя
