
На наступны дзень пасля тэракту ў падмаскоўным гандлёва-забаўляльным цэнтры «Crocus City Hall» 22 сакавіка 2024 года міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў выдаў распараджэнне аб дадатковых захадах для павышэння бяспекі ў месцах масавага перабывання людзей. Цяпер міліцыя абавязвае арганізацыі заключаць дамовы з МУС аб ахове і рабіць іншыя захады, на якія патрэбныя грашовыя выдаткі, паведамляе «BELPOL».
Распараджэнне Кубракова абавязала міліцыянтаў правесці «комплекс аператыўна-прафілактычных захадаў». Каб выканаць гэты загад, сілавікі пачалі рассылаць па розных арганізацыях і ўстановах прадпісанні пра неабходнасць:
- правесці інструктыўныя размовы ў калектывах з удзелам прадстаўнікоў МУС і МНС на тэму папярэджання надзвычайных сітуацыяў;
- заключыць дамовы з падраздзяленнямі Дэпартаменту аховы МУС аб фізічнай ахове аб’ектаў;
- абсталяваць уваходныя групы будынкаў металадэтэктарамі;
- сістэматычна інфармаваць насельніцтва праз гукаўзмацняльную сувязь аб правілах бяспечных паводзінаў на аб’ектах і дзеяннях пры ўзнікненні надзвычайных сітуацыяў.
Міліцыя тлумачыць неабходнасць гэтых захадаў тым, што ў Беларусі нібыта «маюцца пагрозы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у месцах масавага перабывання грамадзянаў – на канцэртах і спартовых пляцоўках, у гандлёвых цэнтрах, на рынках, аб’ектах грамадскага харчавання, установах адукацыі, што патрабуе дадатковых папераджальных захадаў».
Аднак, як паведамляюць крыніцы «BELPOL», насамрэч сілавікі кіруюцца не клопатам пра бяспеку грамадзянаў, а спрабуюць падстрахавацца на выпадак нейкіх здарэнняў, маўляў, мы загадзя ўсіх папярэдзілі, а таксама «стварыць масавы псіхоз на фоне расейскіх падзеяў і зарабіць на гэтым як іміджава, займеўшы вобраз абаронцы, гэтак і фінансава – падвысіць выручку Дэпартаменту аховы МУС».
Па Беларусі прайшла хваля затрыманняў за каментары пра тэракт у Падмаскоўі. Паводле праваабаронцаў, былі арыштаваныя як мінімум 12 чалавек.
Белсат
