Шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы абавязалі дапамагчы прарасейскаму фонду, які ўзначальвае вядомы аматар “русского мира” Аляксей Талай.

Спецыяльна для рэалізацыі супольнага беларуска-расейскага праекту на ААТ “Шклозавод “Нёман” былі выпушчаны 200 шкляных колб, якія будуць устаноўлены ў розных гарадах Расіі і ў якія будуць збірацца манеткі.

Сам па сабе такі выраб ня з лёгкіх: вышыня пасудзіны 400 міліметраў, дыяметр – 150 міліметраў. Колба дастаткова складаная ў выкананні, бо патрабуе раўнамернага размеркавання шкла. Да таго ж выраб павінен быць не танкасценным.

Два дні гэтыя шкляныя колбы вырабляла цэлая брыгада майстроў і рабочых. Цяпер іх развязуць па ўсёй Расеі. Аляксей Талай, які наведаў Бярозаўку, застаўся вельмі задаволеным.