фота “Гарадзенскай праваабароны”

Аўгустоўскі канал рыхтуюць да новага турыстычнага сезону. Сёлета будзе адзначацца якраз юбілей гідратэхнічнага збудавання.

На беларускай частцы каналу апошнім часам адрамантаваныя ці замененыя старыя мосцікі і прычалы, а таксама створана новая аглядная пляцоўка. Яна будзе даступна і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паведаміў начальнік участку па эксплуатацыі Аўгустоўскага каналу унітарнага прадпрыемства “Гроднамеліоводгас” Эдмунд Юткевіч, самай маштабнай працай было замена брамы на суднаходным шлюзе “Нямнова”. Яе вышыня больш 7 метраў. Таксама запланаваныя працы па рамонце шлюза-рэгулятара “Чарток”.

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілея запланаваныя на 9 чэрвеня. Гэта будзе трэці дзень Гарадзенскага фэсту нацыянальных культур. Але турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале пачнецца ўжо вясной.

Напомнім, што ранейшы роварны пераход Лясная – Рудаўка на Аўгустоўскім канале з-за пагаршэння палітычных стасункаў Беларусі з Польшчай апошнія гады не дзеіць.