
Лукашэнкаўскія ўлады працягваюць канфіскоўваць і распрадаваць маёмасць беларусаў, засуджаных па палітычных матывах. Тыдзень таму з другой спробы прадалі кватэру Веранікі і Валерыя Цапкалаў. А цяпер на сайце “БелЮрЗабеспячэнне” распачаліся таргі па маёмасці праваабаронцаў “Вясны” Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. У іх адабралі двухпакаёвую кватэру ў Мінску і 1/7 долі ў адміністратыўным памяшканні.
Не з першай — дык з другой ці трэцяй спробы маёмасць прададуць. Еўрарадыё распытала дарадцу па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіла Кірылюка, наколькі законнымі будуць гэтыя здзелкі. І ці змогуць дысідэнты прэтэндаваць на іх вяртанне.
— Наколькі продаж маёмасці асуджаных па палітычных матывах адпавядае беларускаму заканадаўству?
— Канешне, калі дапусціць, што беларускія суды вольныя і прымаюць рашэнні самастойна, дык і іх рашэнні варта лічыць законнымі. Але, абапіраючыся на досвед вывучэння крымінальных спраў, заведзеных па палітычных матывах, магу сказаць, што ўсе яны ў той ці іншай ступені сфальсіфікаваныя. Факт злачынства адсутнічае. Але рашэнні ўсё роўна прымаюцца на карысць абвінавачвання.
Магу прывесці ў прыклад выпадак Паўла Латушкі, у якога канфіскавалі дом. Дзеля гэтага яму следства “намалявала” спагнанне памерам у шэсць мільёнаў рублёў. А ўзнікла яно нібыта праз прамовы Латушкі ў жніўні 2020 года, пасля якіх нібыта адбыліся пагромы і падпалы. І гэта быццам бы нанесла шкоду дзяржаўнай маёмасці на згаданую суму.
Я бачыў матэрыялы справы, гэта ўсё дзіўна выглядала, бо там адсутнічалі патрэбныя экспертызы, падлікі страт. Была толькі даведка з МУС, што Латушка накрычаў на 6 мільёнаў рублёў — і дата, подпіс, пячатка. Але гэта не адпавядае ўзроўню доказаў нават на грамадзянскім працэсе, не кажучы пра крымінальны.
Таму ў мяне ёсць падставы сцвярджаць, што палітычныя справы — сфальсіфікаваныя. І людзі, якія іх вядуць, самі падпадаюць пад шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, пачынаючы ад злоўжывання службовым становішчам і сканчваючы прыняццем яўна няправільнага прысуду.
— У кватэрах Цапкалаў і Ціханоўскіх, якія ўжо прадалі, былі прапісаныя непаўнагадовыя дзеці палітыкаў. Як дзяржава вырашыла гэта пытанне?
— Я працаваў на спагнанні пазык больш за дзесяць гадоў, і так, прадаць кватэру, калі ў ёй прапісаныя малыя дзеці, вельмі складана. Бо перад продажам трэба іх выпісаць, а каб правы дзяцей не парушаліся, трэба прасачыць, якое памяшканне яны атрымліваюць наўзамен. Цэлая куча праблем, якая не заўсёды вырашалася на карысць крэдытора.
Але ў гэтых выпадках цяжкасцяў зусім нябачна, бо тут дзейнічае філасофія прававыканання “часам не да законаў”. Лукашэнка фактычна дае палітычны сігнал падначаленым, каб яны з тымі, хто выступае супраць улады, разбіраліся па-за межамі логікі закона. Пры гэтым грамадзянскія нормы ў краіне працягваюць выконвацца — людзей могуць высяляць з жытла за спагнанні, нясплату аліментаў, скасаванне шлюбу і г.д. Але ў дачыненні да пэўных людзей, якіх закляймілі статусам ворага народа, яны дзіўным чынам не дзейнічаюць.
У рэйтынгу World Justice Project, у якім адсочваецца наколькі дзяржава сябе адчувае абмежаванай законамі, Беларусь цяпер знаходзіцца на перадапошнім месцы. Простыя людзі адчуваюць сябе больш законапаслухмянымі, чым дзяржінстытуты. Гэта дзіўны перакос, які ставіць нас у адзін шэраг з такімі краінамі, як Афганістан, Нікарагуа, Венесуэла.
— Як вам падаецца, ці ведаюць людзі, якія набываюць канфіскаваную маёмасць, каму яна належыць і якім чынам трапіла на продаж? І на што гэтыя пакупнікі разлічваюць?
— Гэта правільнае пытанне. Грамадзянскі кодэкс у Беларусі кажа, калі чалавек купляе скрадзеную рэч, суду, каб абскардзіць потым гэтае рашэнне, трэба будзе вызначыць, ці разумеў гэты чалавек, што ён купляў і ў каго. То-бок, ці быў ён добрасумленным пакупніком.
Выпадкі з Ціханоўскімі і Цапкаламі добрыя тым, што пра іх ведае большасць беларусаў. Вядома, мы не можам залезці ў галаву пакупнікоў, але мы можам з высокай доляй верагоднасці падазраваць, што людзі ведалі прозвішчы былых уласнікаў, а таксама чым яны займаліся ў 2020 годзе і пазней.
Таму калі новы ўрад прыйдзе ў Беларусь, а гэта некалі абавязкова адбудзецца, то відавочна, што такія справы з канфіскацыяй будуць перагледжвацца. І суду будзе складана прыняць рашэнне па захаванні здзелкі на падставе таго, што чалавек нібыта не разумеў, што ён купляе. Хутчэй за ўсё ён будзе прызнаны недобрасумленным пакупніком, які набываў маёмасць, што прадавалася з хібамі, нанясеннем шкоды ўладальніку маёмасці. Хутчэй за ўсё, яна будзе вернутая сапраўднаму ўласніку без кампенсацый.
Але калі сёння-заўтра канфіскацыя прыме масавы выгляд, і маёмасць будуць адбіраць у людзей, якія не былі прызнаныя палітвязнямі ці не асуджаныя па палітычных матывах, такіх пакупнікоў могуць прызнаць добрасумленнымі. У гэтым выпадку кампенсацыю будзе плаціць пацярпеламу дзяржава — у тым ліку, спаганяючы грошы з суддзяў, якія прынялі незаконнае рашэнне.
— Зразумела, што шанец вярнуць сваю канфіскаваную маёмасць у асуджаных ёсць. Але ці трэба для гэтага дадаткова мяняць заканадаўства?
— Сённяшняе заканадаўства дазваляе адмяняць нясправядлівыя рашэнні. Хутчэй трэба змяняць прынцыпы працы судовай сістэмы: каб яна была вольнай, а не залежала ад уладаў. Цяпер суддзяў прызначае Адміністрацыя прэзідэнта, і суддзі добра разумеюць, што справаздачыцца ім трэба не перад людзьмі, а перад сістэмай, якая ім дала працу. Так быць не павінна.
