
Аўтобусы і грузавікі з Беларусі пачалі прымаць у літоўскім пункце пропуску «Меднікі» («Мядзінінкай», з беларускага боку — «Каменны Лог»), які быў закрыты ў выніку пажару.
«Згодна з паведамленнем літоўскага боку, з 11:25 адноўлены пропуск грамадзян, якія едуць у Літву на аўтобусах і грузавых аўтамабілях. На палосах руху легкавога транспарту размешчана спецтэхніка, задзейнічаная ў ліквідацыі наступстваў пажару», — праінфармавалі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі.
Раней у «Медніках» пачалі афармляць транспартныя сродкі на выезд з Літвы.
У ноч на 18 красавіка у «Медніках» падчас надгляду аўтамабіля Porshe Cayenne з кантрабанднымі цыгарэтамі здарыўся пажар. Згарэў ангар літоўскіх мытнікаў, а таксама быў пашкоджаны адміністрацыйны будынак.
