18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін. З гэтай нагоды кансультант аддзелу аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар назваў аб’екты, якім бліжэйшым часам будзе наданая асаблівая ўвага.

Паводле слоў Генадзя Ходара, у ахове гісторыка-культурнай спадчыны можна вылучыць два кірункі – захаванне аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і выяўленне новых аб’ектаў для надання ім адпаведнага статусу і ўключэння ў такі спіс.

Пры рабоце па захаванні асаблівую ўвагу дзяржава надае аб’ектам, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Цяпер такіх аб’ектаў каля 280. За 2022-2023 гады ў гаспадарчы і турыстычны абарот уведзена 37 помнікаў архітэктуры, у тым ліку 14 аб’ектаў у 2022 годзе і 23 аб’екты ў 2023 годзе.

На Гарадзеншчыне ў траўні 2023 года ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга будаўніцтва палацава-паркавага ансамбля ў Свяцку Гарадзенскага раёну – там на месцы сядзібнага комплексу з’явілася сучасная гасцініца з інфраструктурай. Ішла таксама кансервацыя Наваградскага замку.

У Гарадзенскай вобласці пад ахову ўзята капліца святога Яна Хрышчэнніка XVIII стагоддзя ў вёсцы Краснаазёрнае Смаргонскага раёну. У мінулым годзе спіс папоўніўся новым помнікам горадабудаўніцтва – гістарычным цэнтрам Наваградку XII-XX стагоддзяў. Такім чынам, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў зараз 14 помнікаў горадабудаўніцтва.

Па словах чыноўніка ў Гарадзенскай вобласці вядзецца актыўная працаа па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынку Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра і гістарычнай часткі Слоніма. У Гарадзенскай вобласці таксама запланавана ўнясенне нематэрыяльнага элемента спадчыны – традыцыі свята “Тры каралі на Гарадзеншчыне”.