Каментар прадстаўніка літоўскіх уладаў атрымала «Люстэрка».

Літва на цяпер не разглядае пытанне аб закрыцці яшчэ аднаго памежнага пераходу на мяжы з Беларуссю. 

«Інфармацыя, распаўсюджаная расійскай газетай «Коммерсант», не адпавядае рэчаіснасці. Пытанне аб закрыцці памежнага пункта пропуску «Шальчынінкай» (з беларускага боку – Беняконі) цяпер не разглядаецца», —  заявіў прадстаўнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ Дэпартамента ўрадавых камунікацый Літвы.

На мяжы Беларусі і Літвы працуюць два пункты пропуску: «Мядзінінкай» («Меднікі») і «Шальчынінкай». Расійскае выданне «Коммерсант» паведамляла, што Літва закрые пераход «Шальчынінкай» у пачатку мая. 

Пачынаючы са жніўня 2023 года ўлады Літвы закрылі чатыры пераходы на мяжы з Беларуссю. Ва ўрадзе лічаць, што рашэнне было паспяховым: толькі за сакавік колькасць літоўцаў, якія вандруюць у Беларусь, скарацілася на 60%. Літоўскія ўлады мяркуюць, што цяпер куды менш грамадзян краіны могуць трапіць пад уплыў лукашэнкаўскіх спецслужбаў. 

Літва не разглядае магчымасць частковага альбо поўнага аднаўлення працы закрытых пунктаў пропуску.
https://nashaniva.com/341049