У судзе Шклоўскага раёна 22 сакавіка адбыўся суд па замене Анатолю Латушку рэжыму ўтрымання на турэмны. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітвязня, засуджанага да шасці гадоў калоніі, у турму тэрмінам на шэсць месяцаў. Анатоля ўжо этапавалі ў гарадзенскую турму № 1.

Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня 2022 года Анатолю прызначылі шэсць гадоў калоніі, Алене Маліноўскай — чатыры гады калоніі, Ліліі Ананян — пяць гадоў “хатняй хіміі”.  Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічыняў і пастанавілі кампенсаваць шкоду пацярпелым.

Нагадаем, фігурантаў справы затрымалі 31 студзеня 2022 года за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах герба “Пагоня” і змясцілі пад варту.

Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУСа Мінска. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі два з паволай гады “хатняй хіміі”.

Спачатку Латушка адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, але пазней яго перавялі ў шклоўскую калонію № 17. Па ініцыятыве адміністрацыі ўстановы яму вырашылі ўзмацніць пакаранне і перавесці на турэмны рэжым. Па рашэнні суддзі Аляксандра Тараканава палітвязень паўгода будзе адбываць тэрмін у гарадзенскай турме № 1.

Падтрымайце Анатоля: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Анатоль Віктаравіч Латушка

Вясна