
Жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што бацькам журналіста вярнулася бандэроль з кнігамі, якія яны яму дасылалі. Сярод іншых кніг там быў ангельска-рускі слоўнік.
Пазней у лісце да жонкі Івашын напісаў, што яго заяву на атрыманне згаданай бандэролі адхіліла адміністрацыя турмы №8 гораду Жодзіна. Верагодна, гэта і сталася прычынай вяртання кніг. Прычыны адхілення заявы не былі патлумачаныя ні асабіста вязьню, ні яго сваякам праз вернутую бандэроль.
Але гарадзенскі журналіст захоўвае свой вечны аптымізм і разлічвае ўсё ж атрымаць неабходныя кнігі, набыўшы іх праз «Кніжны клуб», які дасылае кнігі ў вязніцы і калоніі.
Праваабаронцам вядомыя некалькі выпадкаў забароны на перадачу кніг іншым палітвязням, а таксама пра пазбаўленне вязняў тых кніг, якія яны мелі на руках. У асноўным гэта датычыць кніг на замежных мовах, а таксама кніг па-беларуску. Ніякіх адмысловых законаў ці інструкцый, якія б дазвалялі такія дзеянні адміністрацыяў закрытых установаў так званай пенітэнцыярнай сістэмы РБ, не існуе. Але распаўсюджанасць такой практыкі можа сведчыць пра цэнтралізаваны загад з Менску. Імавернай мэтай гэтых дзеянняў з’яўляецца жаданне чарговы раз абмежаваць правы палітзняволеных.

