
Прапануем вашай увазе краязнаўчы рэгіянальны каляндар на травень 2024 году.
2 траўня
85 гадоў таму (1939) – Памёр Іван Сініцкі, беларускі мемуарыст, падарожнік, дасьледнік Новай Зеляндыі, удзельнік беларускага руху пачатку 20 ст. Нарадзіўся на Смургоншчыне ў 1856 ці 1861 г.

70 гадоў таму (1954) – У Вільні памёр Павал Пякарскі, беларускі каталіцкі сьвятар. У 1925-32 гг. служыў пробашчам у Жупранах, быў кіраўніком Ашмянскага дэканату. Пахаваны на віленскіх могілках Росы.

3 траўня
Сусьветны дзень свабоды друку.
4 траўня
225 гадоў таму (1799) – У мяст. Мір нарадзіўся Фларыян Бохвіц, асьветнік, філосаф, пісьменьнік.

5 траўня
Вялікдзень паводле календара праваслаўнай канфесіі.
6 траўня
590 гадоў таму (1434) – Вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч у Троках выдаў прывілей, які быў скіраваны на зьяднаньне вакол яго феадалаў.
100 гадоў таму (1924) – У Лідзе нарадзіўся Данат Яцкевіч, удзельнік БКА, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія).
70 гадоў таму (1954) – У в. Лезнявічы (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Алег Аблажэй, беларускі мастак, ілюстратар, актывіст беларускага грамадскага руху ў Летуве.

7 траўня
Сьвята абраза Маці Божай Жыровіцкай.
230 гадоў таму (1794) – Выданы Палянэцкі (каля мястэчка Палянэц) універсал Тадэвуша Касьцюшкі – спроба рэфармаваньня становішча сялян у Рэчы Паспалітай.
230 гадоў таму (1794) – Пад Палянамі (Ашмянскі пав.) адбылася бітва паміж паўстанцамі і расейскім войскам.
65 гадоў таму (1959) – У Сьвіслачы нарадзіўся Віктар Дзесяцік, грамадска-палітычны актывіст, сябра Грамады і правабарончага цэнтру “Вясна”.

8 траўня
350 гадоў таму (1674) – Каралём Рэчы Паспалітай і Вялікім князем ВКЛ абраны Ян Сабескі (быў ім да 1696 г.).

9 траўня
90 гадоў таму (1934) – У Ганцавічах нарадзіўся Міхаіл Рылко, беларускі краязнавец, журналіст. Жыў і працаваў у Слоніме.
45 гадоў таму (1979) – У Смаргоні памёр Аляксандр Дзяруга, беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, арганізатар і кіраўнік (1948-79 гг.) Смаргонскага народнага цымбальнага аркестру.
11 траўня
35 гадоў таму (1989) – У Сібіры памёр Сяргей Гайка (нар. у 1912 г. у в.Ясьвілы, Вараноўскі р-н), беларускі журналіст, вязень ГУЛАГу.
12 траўня
465 гадоў таму (1559) – У Лукішках (цяпер у межах Вільні) нарадзіўся Станіслаў Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Нягневічамі ў Наваградзкім павеце.

13 траўня
145 гадоў таму (1879) – У в. Задзьвеі (Наваградзкі пав.) нарадзіўся Янка Серада (згінуў бязь вестак пасьля 19.11.1943), дзеяч беларускага нацыянальнага руху, страшыня прэзыдыюму Рады БНР.

10 гадоў таму (2014) – У Слоніме на будынку Слонімскага драматычнага тэатра адчынена мемарыяльная шыльда Міхалу Казіміру Агінскаму (скульптар Леанід Богдан).

14 траўня
95 гадоў таму (1929) – У в. Вольна (Баранавіцкі р-н) нарадзіўся Міхась Амялішка (памёр у Гародні ў дзень нараджэньня 14 траўня 2020 г.), беларускі настаўнік, грамадскі актывіст, пісьменьнік. Большую частку жыцьця працаваў у Гародні.

15 траўня
Міжнародны дзень сям’і
115 гадоў таму (1909) – У в. Бойдаты (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Язэп Найдзюк (Александровіч), дзеяч заходнебеларускага вызвольнага руху, выдавец, гісторык. Аўтар кнігі “Беларусь учора і сяньня”.

80 гадоў таму (1944) – У в. Занюкі (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Антон Сьцяпура, дзеяч беларускага руху ў Гародні, сябра БНФ.
70 гадоў таму (1954) – У в. Жытомля (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Анцулевіч, беларускі фізік, грамадска-палітычны дзеяч, педагог.

16 траўня
285 гадоў таму (1739) – У Дрэздэне (Германія) памёр Антон Казімір Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Нараджэнец Дзярэчына.
17 траўня
90 гадоў таму (1934) – У Менску НКВД расстраляны Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. Нараджэнец в. Зарудзічы (Смургонскі р-н).

18 траўня
Міжнародны дзень музеяў.
70 гадоў таму (1954) – У Ваўкавыску нарадзіўся Мікалай Аксаміт, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, сябра БНФ «Адраджэньне».

20 траўня
Сусьветны дзень метралогіі
725 гадоў таму (1299) – Памёр Даўмонт, князь нальшчанскі і пскоўскі. Кананізаваны праваслаўнай царквой.

75 гадоў таму (1949) – У в. Ярэмічы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Анатоль Жук, беларускі артыст тэатру і кіно, пісьменьнік.

30 гадоў таму (1994) – У Жыровічах былі адсьвяткаваны 500-ыя ўгодкі з часу зьяўленьня Жыровіцкай Божай Маці і 520-ыя ўгодкі з часу заснаваньня манастыра.

22 траўня
125 гадоў таму (1899) – У в. Малыя Азяранкі (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, педагог, грамадзкі дзеяч.
70 гадоў таму (1954) – Нарадзілася Вера Кунцэвіч, беларуская грамадзкая актывістка, стваральніца і кіраўнічка гарадзенскага хору «Бацькаўшчына».

24 траўня
Дзень славянскай пісьменнасьці.
26 траўня
145 гадоў таму (1879) – Памёр Дэзыдэры Хлапоўскі, генерал, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830 г. На Гарадзеншчыне ваяваў каля в. Грынкі (Сьвіслацкі р-н), мястэчка Ражанка (Шчучынскі р-н), Ліды.
30 гадоў таму (1994) – У Сіднэі (Аўстралія) у аўтамабільнай катастрофе загінуў Кастусь Сіткоўскі, беларускі настаўнік, эмігрант (Аўстралія). Нараджэнец Наваградку.
25 гадоў таму (1999) – Памерла Лідзія Ялоўчык (у замужжы Лісок), беларуская пісьменьніца, паэтка, педагог. Нараджэнка в. Марцянаўцы (Ваўкавыскі р-н).

28 траўня
100 гадоў таму (1924) – У в. Мікалаева (Івейскі р-н) нарадзіўся Леанід Побаль, беларускі археолаг.

29 траўня
115 гадоў таму (1909) – У Ваўкавыску нарадзілася Яніна Жэймо, акторка тэатру і кіно.

30 траўня
195 гадоў таму (1829) – У Дзярэчыне памёр Францішак Сапега, генерал, удзельнік паўстаньня 1794 г, яго кіраўнік у Слонімскім і Ваўкавыскім паветах. Трымаў у Дзярэчыне тэатар. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

31 траўня
370 гадоў таму (1654) – Памёр Францішак Далмат-Ісайкоўскі (нар. у 1599 г.), рэлігійны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пробашч трабскі з 1632 г., пробашч гарадзенскі з 1633 г., геранёнскі – з 1643 г. У 1634 г. заснаваў у вёсцы Сьвіслач (цяпер Літвінкі) каля Гародні драўляны касьцёл езуітаў.
100 гадоў таму (1924) – У Пазнані (Польшча) памёр Канстанцін Горскі, кампазітар, музыкант-скрыпач. Нараджэнец Ліды.

45 гадоў таму (1979) – У Амстэрдаме (штат Новы Ёрк, ЗША) памёр Францішак Чарняўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, рэлігійна-асьветніцкі публіцыст, выдавец, дзеяч эміграцыі (Францыя, Бельгія, ЗША). Нараджэнец в. Чухны (Смургонскі р-н).

