У рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод складае арганізацыя  “Рэпарцёры без межаў”, Беларусь займае 167 месца сярод 180 краін. За год наша краіна апусцілася ў гэтым рэйтынгу на 10 радкоў.

Беларусь яшчэ да ўварвання Расіі ва Украіну была “самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў”, але і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны рэжым Аляксандра Лукашэнкі “працягвае масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ”, адзначаюць “Рэпарцёры без межаў”. Большасць незалежных СМІ, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў абвешчаныя “экстрэмісцкімі”. Акрамя таго, Беларусь стала адным з сусветных лідараў па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Нават у Расіі сітуацыя лепшая: у рэйтынгу “Рэпарцёраў без межаў” яна знаходзіцца на 162 месцы. Іншыя нашы суседзі размясціліся ў першай сотні: Украіна — на 61, Польшча — на 47, Літва — на 13, Латвія — на 12 месцы. Лепш за ўсё справы са свабодай прэсы ідуць у Нарвегіі, Даніі і Швецыі, а горш за ўсё ў Іране, КНДР, Афганістане, Сірыі і Эрытрэі.

У цэлым у свеце, паводле ацэнкі “Рэпарцёраў без межаў”, стан са свабодай прэсы пагаршаецца. Прычына — у паводзінах палітыкаў. “Усё большая колькасць урадаў і палітычных уладаў не выконваюць сваю ролю гарантаў найлепшага асяроддзя для журналістыкі і права грамадскасці на надзейныя, незалежныя і разнастайныя навіны і інфармацыю”, — гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.

Нагадаем, 3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку.