На гэтым тыдні пачаліся чарговыя карныя працэсы па палітычных справах.

2 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні Віталь Лабоцкі пачаў судзіць Вадзіма Багатырэвіча і Андрэя Якіменку. Абодвух вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У гэты ж дзень, 2 траўня, у Дзятлаўскім раёне пачаўся карны працэс у дачыненні да Дзмітрыя Данільчыка. Яго вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: частка 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), і арт. 369 (Знявага прадстаўніка ўлады). Вядзе працэс суддзя Сяргей Сёмуха.

Пра затрыманне Данільчыка стала вядома яшчэ 9 верасня. Яго затрымалі за каментары ў Telegram, якія палічылі знявагай міліцыянтаў, Лукашэнкі і расейскіх ваенных ва Украіне.