У Варшаве ў Польскім Сенаце адкрылася выстава, прысвечаная беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Падзея ладзілася на польскай мове. Яна была закліканая звярнуць увагу замежных палітыкаў на праблему беларускіх палітвязняў.

На мерапрыемстве з прамовамі выступілі польскія і беларускія дзеячы, а таксама адбыўся паказ фільму, прысвечанага лаўрэату Нобелеўскай прэміі.

Пра важнасць падзеі распавёў кіраўнік Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

 Важна нагадваць, бо людзі жывуць звычайным жыццём, важна нагадваць, што ў нашай краіне працягваецца тэрор. Важна нагадваць пра тое, што такія людзі, як Алесь Бяляцкі з’яўляюцца сімвалам нашай нязломнай барацьбы за дэмакратычную Беларусь. Калі ён пачынаў гэта ў 80-х у Савецкім Саюзе, ніхто нават марыць яшчэ не мог пра незалежную Беларусь. І яго лёс, яго прыклад паказвае, што трэба змагацца за незалежную Беларусь, за дэмакратыю, і трэба таксама нагадваць міжнароднай супольнасці і дзякаваць за тое, што яны прынялі такую колькасць беларусаў.

У падзеі ўзялі ўдзел не толькі палітыкі, але і грамадскія дзеячы.

Беларускае Радыё Рацыя