“Радыё Свабода” распытала беларусаў, на маёмасць якіх накладзены зараз у Беларусі арышт. Пра сваю сітуацыю выданню расказаў і гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст, адзін з кіраўнікоў Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

У Вадзіма Саранчукова, які выконвае абавязкі старшыні партыі БНФ, таксама арыштавалі маёмасьць у Беларусі. Вадзім знаходзіцца за мяжой. У лістападзе 2023 году прайшла хваля ператрусаў у дамах гарадзенцаў, якія выехалі за мяжу ад палітычнага перасьледу. Пад яе трапіла і сям’я Саранчукова.

Вадзім мае інфармацыю пра свой перасьлед толькі апасродкавана. Афіцыйна яго ніхто не інфармаваў. Летась у канцы лістапада сілавікі прыйшлі зь ператрусам у кватэру, дзе жывуць ягоныя сваякі. Санкцыю на вобшук падпісаў пракурор.

Паводле папераў, ператрус правялі ў межах крымінальнай справы, заведзенай на Вадзіма Саранчукова, за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу). Падставай сталі інтэрвію, якія ён даваў «Радыё Рацыя». Аднак на той момант былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» толькі асобныя матэрыялы гэтага мэдыя. Статус «экстрэмісцкага фармаваньня» яно, паводле КДБ, атрымала толькі ў студзені 2024 году.

Наколькі ведае Саранчукоў, арышт наклалі на ягоную кватэру ў Гародні, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Гародняй, а таксама на бэнзапілу, матаблёк, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар. Ён ня можа прадаць або падарыць гэтую маёмасьць. Аднак яе перадалі на захаваньне сваякоў, яны могуць гэтым карыстацца. Вясковую хату не апячатвалі, ніякіх пазнак на доме не пакідалі.

«Паперкі на дом яны вешалі 2,5 года таму, калі ў мяне быў першы вобшук. Тады з дому вынесьлі ўсё, што ня ведаю, да чаго магло быць датычным: сякеру, бытавую хімію. Потым нічога не вярнулі», — успамінае Вадзім.

Цяпер працэдура накладаньня арышту праходзіла падчас ператрусу. Сьледчы склаў акт, дзе пералічыў канкрэтныя прадметы маёмасьці з сэрыйнымі нумарамі, калі іх можна было знайсьці.

«Што маецца на ўвазе і навошта гэты арышт накладаецца, досыць цяжка зразумець. Сьледчы, напэўна, тэарэтычна меў на ўвазе, што паводле таго артыкулу, па якім на мяне заведзеная справа, акрамя фізычных спагнаньняў кшталту турэмнага тэрміну, можа быць накладзенае грашовае, штраф. Каб забясьпечыць выкананьне штрафу, магчыма, накладаюць гэтыя абмежаваньні», — мяркуе палітык.

Ён абураецца: паінфармавалі ягоных сваякоў, якія ня маюць дачыненьня да справы, а не яго непасрэдна. Даводзіцца здагадвацца, якія прэтэнзіі да яго з боку дзяржавы, а таксама пра тое, што пагражае ягонай уласнасьці.

«У мяне абсалютна адкрытыя кантакты. Калі б у сьледчага былі да мяне нейкія пытаньні, то знайсьці мяне, патэлефанаваць, правесьці апытаньне, хай сабе дыстанцыйна, не складае ніякай праблемы. Але ніхто гэтага не зрабіў», — кажа Вадзім.

Вясковы дом, на які наклалі арышт, сям’я Саранчукова купіла 10 гадоў таму.

«Я яго доўга шукаў, ён мне вельмі дарагі», — кажа Вадзім.

Гэта хата, пабудаваная адразу пасьля Другой усясьветнай вайны. Вадзім пераклаў у ёй печкі, абнавіў дах, зрабіў альтанку. Апрацаваў увесь участак, які займае амаль гектар.

«Гэта патрабавала шмат высілкаў. Яго гадоў дзесяць ніхто не даглядаў. Бур’ян быў таўшчынёй з маю руку. Даводзілася зь сякерай расчышчаць увесь участак», — расказвае суразмоўца.

У гэтай хаце сям’я жыла ўлетку.

«Месца, куды заўсёды прыемна і карысна для здароўя прыехаць, на прыроду. Ён прыдатны да жыцьця. Водаправоду няма, але ёсьць студня. Мінімальныя бытавыя выгоды, але мне гэта не замінае», — расказвае гарадзенец.

Прадаваць гэты дом Вадзім не зьбіраецца.

«Як бы не разьвівалася сытуацыя, ён усё роўна будзе маім і застанецца маім. Калі яго забяруць, я яго ўсё адно вярну назад», — кажа суразмоўца.

У Саранчукова няма інфармацыі пра шкоду, якую ён мог прынесьці дзяржаве, дзеля кампэнсацыі якой у яго могуць канфіскаваць маёмасьць.

«Гэта не „раскулачваньне“, гэта крадзеж. Нават калі было раскулачваньне, яго рабілі нібыта дзеля дэкляраванай высокай мэты: забраць у багатых, аддаць бедным, клясавая барацьба з „кулакамі“. У гэтым выпадку размова не ідзе пра аднаўленьне справядлівасьці нават фармальна. Гэта проста дзяржаўны крадзеж прыватнай уласнасьці. У тых, хто з намі змагаецца, няма ідэалёгіі. Гэта асабістая помста», — мяркуе Саранчукоў.

Ён дадае, што ня зможа паўплываць, калі дзяржава вырашыць забраць у яго маёмасьць.

«Судовы выканаўца або сьледчы на свой уласны розум ацэньваюць прадметы маёмасьці, якія бачаць. Іхная функцыя — ацаніць аб’ектыўна і далей канфіскаваць апісаную маёмасьць у межах сумы, прызначанай судом», — тлумачыць Саранчукоў, які мае юрыдычную адукацыю.

Нават калі ў яго забяруць уласнасьць, гаспадар плянуе вярнуць сабе сваё.

«Не зьбіраюся нічога страчваць. Я не рабіў крымінальных злачынстваў, за якія на мяне можна накласьці спагнаньне. Калі раптам нешта фізычна ў мяне забяруць, я гэта разглядаю як грабеж і нацэлены на тое, каб аднавіць сваё права ўласнасьці на любую маёмасьць. Адразу, калі зьявіцца магчымасьць», — запэўнівае ён.