
10 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся чарговы палітычны карны працэс па крымінальнай справе. Пад пераслед патрапіла сямейная пара – Арцём і Аксана Станеўскія. Іх вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.
Вядзе працэс Маргарыта Ланцэвіч. На яе рахунку ўжо дзясяткі палітычных прысудаў. Так яна засудзіла Мікіту Машуту да двух гадоў хіміі, Сцяпана Задойку да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Вольгу Ключнікаву да “хатняй хіміі”, Вячаслава Янюка да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Артура Хлуса да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Антона Навумава да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у “выхаваўчую” установу адкрытага тыпу, Сцяпана Васілевіча да двух гадоў “хіміі”, Ціхана Шлюхціца да аднаго году і трох месяцаў калоніі агульнага рэжыму, ды іншых.
