
Жонка журналіста-палітвязьня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла ў сваім Telegram-канале пра атрыманую ім бандэроль. Строгі рэжым, ва ўмовах якога гарадзенец перабывае ў турме №8 г. Жодзіна, дазваляе толькі адну бандэроль да 2 кг на год. У дасланую Івашыну пасылку сваякі паклалі зялёную гарбату, шакалад і ружанец.
Зялёную гарбату Дзяніс вельмі любіць, але ў турэмным “меню” яе дакладна няма, таму даводзіцца набываць у краме. Амаль ва ўсіх палітвязняў колькасць грошай, якую яны могуць патраціць на месяц, абмежаваная 1-2 базавымі велічынямі або 40-80 беларускімі рублямі. Адпаведна, калі Івашын цяпер мае гадавы запас гарбаты, для яго вызваляюцца сродкі на набыццё іншых прадуктаў. А гэта вельмі важна ва ўмовах забароны рэжымных перадачаў.
Таксама ў бандэроль быў укладзены ружанец – каталіцкія пацеркі. Івашын напісаў у лісце, што ўжо паспеў скарыстацца ім падчас малітвы.
А ў дадатак да гарбаты і ружанца, якія палітвязень прасіў у ранейшых лістах, сваякі паклалі яму салодкага шакалада, чым моцна ўсцешылі яго. Як сам Івашын напісаў, ён ужо даўно не каштаваў гэтага прадукту.
