
Польскі суддзя Томаш Шміт, які збег у Менск і запытаў палітычнага прытулку, выправіўся ў паездку ў Гародню.
Характэрна, што візіт Шміта асвятлялі журналісты з пула кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.
Для Шміта арганізавалі экскурсію па Старым замку, ён адзначыў, што гэта было любімае месца караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Былому суддзю распавялі пра замак, іншыя славутасці Гародні, а таксама пра трэці падзел Рэчы Паспалітай. Шміт таксама наведаў касцёл і праваслаўную царкву.
Мяркуючы па відэа, якое распаўсюдзіў пул Караніка, Шміт слухаў апавяданне на расейскай мове без перакладчыка.
Пул Караніка распаўсюдзіў і выказванні Шміта.
Юрыст прыгадаў пра закрыццё беларускіх школ у міжваеннай Польшчы і параўнаў тую сітуацыю з закрыццём краінамі ЕС памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.
Суддзя Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шміт збег у Беларусь 6 мая. Ён даў у Менску прэс-канферэнцыю, на якой абвясціў, што мае намер прасіць у Беларусі палітычнага прытулку.
Польскія спецслужбы мяркуюць, што Шміт некалькі гадоў кантактаваў з выведкай Беларусі і расейскімі агентамі ў Польшчы. Па службе ён меў доступ да сакрэтнай і адчувальнай інфармацыі. Шміту на радзіме пагражае пажыццёвае зняволенне. Польскі суд дазволіў яго арыштаваць.
https://nashaniva.com/342678

