Беларускі грамадскі актывіст Міхась Амялішка нарадзіўся 14 траўня 1929 году у сяле Вольна Баранавіцкага павета, Наваградскага ваяводства. Але праз два тыдні сям’я пераехала ў вёску Бортнікі, што за 25 кіламетраў ад Баранавічаў, дзе прайшло ўсё дзяцінства Міхася. Школьныя гады пачаліся з пачатковай школы тых жа Бортнікаў, дзе скончыў тры класы. У часы ліхалеццяў прайшоў сем класаў адукацыі. А ўжо пасля вайны – скончыў сярэднюю школу ў Баранавічах. Па сканчэнні Гарадзенскага педагагічнага універсітэта працаваў настаўнікам фізікі ў Скідзелі.

З 1954 году і да пенсіі (1989) працаваў у Гарадзенскім аграрным інстытуце, пасьля – унівэрсітэце, старэйшым выкладчыкам.
На пенсію выйшаў у час палітыкі перабудовы.

Міхась Амялішка, быў актыўным удзельнікам клубу «Паходня», адным з заснавальнікаў хору «Бацькаўшчына» (лістапад 1991 году), ягонм старастам (вёў журнал уліку наведванняў рэпетыцыяў). Прызнаны краніст гэтага хору – дзіўнай і ў нечым знакавай зьявы ў беларускай нацыянальнай культуры апошніх трыццаці гадоў ад здабывання незалежнасці краіны.
Зацята, педантычна, Міхась Амялішка складаў кроніку выступаў, арганізацыі хору, ягоных кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў.

Міхась Амялішка як хрысціянін належыў да Беларускай Царквы (Уніяцкай). Лічыў, што ад веры беларускай, залежыць поспех у нацыянальнай справе.
Апошнія гады жыцця меў шмат клопатаў па сямейных справах. Але працягваў складаць кроніку, толькі ўжо ўласнай сям“і: шукаў вестак пра карані па кудзелі і па мячы. Напісаў кнігу ўспамінаў: «Заблудныя». Выдаў таксама ўнікальную кніжку “Як жыць, дык жыць для Беларусі. Гутаркі з Алесем Белакозам” (Менск., 2012 год).

Памёр Міхась Амялішка у дзень свайго нараджэння 14 траўня 2020 году, пражыўшы роўна 91 год. Пахаваны на гарадзенскіх могілках «Сакрэт». Вельмі значным у сваім жыцці ён прызнаваў тое, што меў шчасце жыць у той час, калі Беларусь вярнула сваю незалежнасць, што далучыўся да клуба «Паходня» і, найважней, што перайшоў на беларускую мову.