Беларускі фізік, грамадска-палітычны дзеяч, педагог Уладзімір Анцулевіч нарадзіўся 15 траўня 1954 году ў вёсцы Жытомля (Гарадзенскі раён).

Скончыў фізічны факультэт БДУ (1976). Кандыдат фізіка-матэматычных навук па спецыяльнасці «Оптыка» (1989). Працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі: стажор-даследчык, малодшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектарам, навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік (1976—1993). Настаўнік інфарматыкі гімназіі №5 гораду Менск (1993—1996).

Быў актывістам Беларускага Народнага Фронту. Арганізоўваў выданне масавай перыёдыкі БНФ, ладзіў працу ў рэгіёнах. У 1992 годзе ўзначаліў ініцыятыўную групу па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні аб роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні датэрміновых выбараў паводле новага выбарчага закона. На працягу двух месяцаў групай было сабрана 442 тысячы подпісаў грамадзян Беларусі.

Сябра партыі БНФ з моманту яе заснавання. Узначальваў выбарчы камітэт Беларускага народнага фронту, быў сябрам Сойму. У 1995 годзе выйшаў з кіраўніцтва БНФ з-за рознагалоссяў з лідарам. У 1996 годзе ўзначальваў грамадскую Камісію па назіранні за ініцыяваным Лукашэнкам рэферэндумам.

Сустаршыня Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтру “Беларуская перспектыва” (1995—1999), навуковы сакратар Народнага ўніверсітэта — самай масавай праграмы «Беларускай перспектывы» (1997). Рэдактар аддзела часопіса “Мастацтва” (1996—1999 гг.).

Пасля вярнуўся да фізікі, дацэнт кафедры методыкі выкладання фізікі БДПУ, адначасна настаўнік гімназіі № 5.

Мае больш за 70 навуковых публікацый па фізічнай оптыцы. Выступаў у друку па грамадска-палітычных праблемах. Пісаў дапаможнікі, у якасці настаўніка фізікі сумесна з Вячаславам Навумавічам Чэрціным падрыхтаваў шэраг пераможцаў алімпіяд па фізіцы.

Памёр Уладзімір Анцулевіч 27 лютага 2019 году