Праваслаўны святар Георгі Рой, які зараз служыць у Вільні, а раней плённа працаваў у Гародні, таксама трапіў у расейскую базу вышуку. Гэта азначае хутчэй усяго, што ў Беларусі супраць яго пачатая нейкая крымінальная справа ў рэчышчы палітычнага пераследу.

Протаіерэй Георгі Рой і іерэй Аляксандр Кухта — святары Беларускай праваслаўнай царквы, якія вымушана выехалі з Беларусі ад пераследу ўладаў у звязку з іх пазіцыяй палітычных рэпрэсій і расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яны звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор, бо па меркаваннях сумлення яны не могуць знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Усяленскі Патрыярх разгледзеў іх прашэнні і прыняў іх пад свой амафор.

Раней айцец Георгі Рой служыў у Гарадзенскім Пакроўскім саборы, потым быў пазбаўлены пасады настаяцеля і пераведзены служыць у вясковы храм.