16 траўня сярод дня на нейкі час спыняў працу пункт пропуску «Меднікі» («Мядзінінкай») -Каменны Лог на мяжы Літвы і Беларусі. Пераход закрывалі літоўскія памежнікі пасля інцыдэнту з удзелам мігрантаў.

Як паведамляе 15min.lt, сем кубінскіх грамадзян, якіх вярталі ў Беларусь праз «Меднікі», адмовіліся пакінуць краіну і спыніліся на праезнай частцы, на КПП часова спынілі рух. Кубінцы цяпер вернуты ў Літву.

«Цяпер рух на пункце адноўлены. У мэтах забеспячэння нармальнай працы пункта мігрантаў часова перавозяць у адно з падраздзяленняў Цэнтра рэгістрацыі замежнікаў», — паведаміў прадстаўнік Службы бяспекі Гедрус Мішуціс.

Пункт пропуску не працаваў каля трох гадзін. Прыкладна а 14.00 ён быў зноў адкрыты.