
90 гадоў таму (1934) – У Менску НКВД расстраляны Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. Нараджэнец вёскі Зарудзічы (Смургонскі р-н).
Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Там ён зблізіўся з дзеячамі беларускага руху, у прыватнасці, з Арсенем Канчэўскім і іншымі хлопцамі.

З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, Алесь Салагуб актыўна далучыўся да яе дзейнасці: арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў літаратуру. А потым за гэта трапіў у Лукішкі.
У 14-гадовым узросце Алесь Салагуб надрукаваў артыкул „Культурныя паны” у газеце „Незалежная думка” (1920, 4 ліпеня). У ім аўтар крытычна выказаўся ў адрас нейкага пана Эўзэбіюша Лапацінскага, які „замахнуўся выгнаць беларусаў з спрадвечных беларускіх базыльянскіх муроў”.
У 1925 годзе „Студэнцкая думка” публікуе чатыры вершы Алеся Салагуба. Паэтычныя радкі былі апублікаваныя пад загалоўкам „З вершаў А.Салагуба, вучня Віленскай беларускай гімназіі, з Лукішскага астрогу”. У першым вершы „Не для славы” з гэтай падборкі паэт заклікаў:
Не для крыку, не для славы,
Мы павінны працаваць,
А за светлую ідэю
Разам ўсе мы мусім стаць.
Не ісці, не адлучацца
Ад сярмягі, ад братоў.
Ўсё жыццё трэба змагацца –
Жыць усім без ланцугоў.
Потым вершы Алеся Салагуба актыўна друкаваліся ў „Нашай волі”, „Вольнай працы”, „Нашай праўдзе”, „Маланцы”, „Беларускай ніве” і іншых выданнях пад сваім уласным прозвішчам і пад крыптанімамі і псеўданімамі: Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка, А.С. і г.д.

Пачатак сваёй свядомай мэтанакіраванай літаратурнай творчасці паэт адносіў да 1924 года – да часу яго першага турэмнага зняволення ў Лукішках, калі ён за кратамі напісаў цыкл вершаў і п’есу „Касулі ў цемры”. У гэты час яго захапляў ідэал усеагульнай любові да чалавека. Як пісаў даследчык заходнебеларускай літаратуры Мікола Мікуліч у кнізе „Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)” (Мінск, 2010. С.268-269), „своеадметнасць паэзіі А.Салагуба заключаецца ў тым, што яна народжана галоўным чынам у турэмнай няволі, падчас знаходжання аўтара ў Лукішках (у 1924 і 1927 гг.), яе змест складаюць думкі і перажыванні юнака-палітвязня”.
Гэтай думкі прытрымліваўся і даследчык творчасці Алеся Салагуба доктар філалагічных навук Арсень Ліс: „Бунтарства супраць старога ладу, капіталу, рэвалюцыйная зарыентаванасць паэта асяроддзем, адпаведнай літаратурай моцна чуюцца ў яго вершах, напісаных… у Лукішкай турме” (Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды. Мінск,1994.С.45:
Душою, сэрцам я – і моцны,
і цвярозы,
Мне аднастайна сцяў
не страх жыцця:
Я пралетар,
я – новых дней дзіця,
Я не баюся буднічнае прозы.
Ў грудзёх маіх паэзія бурліць, –
Я – валадар
над дзіўнаю красою,
Я песні барацьбы нясу з сабою.
Я жыць хачу, цярпець,
кахаць, тварыць!..
Сапраўды, у поглядах паэта хутка адбываецца пералом, ён адыходзіць ад рамантычнага ўспрыняцця свету і прасякаецца ідэямі класавага змагання, арганізаванай сацыяльна-палітычнай барацьбы.
Калі выйшаў паэт з Лукішкаў на волю, нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў у Белдзяржуніверсітэт, быў аспірантам Інстытута літаратуры Акадэміі навук. А ў 1929 годзе з друку выходзіць першы і адзіны зборнік паэзіі Алеся Салагуба „Лукішкі”. Зразумеючы жыццё ў Савецкай Беларусі, ён пісаў сябрам у Заходнюю Беларусь, каб не ўцякалі ў СССР, „бо тут нас саджаюць у свае, пралетарскія турмы”. І гэтага яму не даравалі, а ў 1933 годзе Алеся арыштавалі і ў 1934-м – расстралялі.
Адной з прычын хуткага расстрэлу паэта, як пісаў у сваёй кнізе „Цяжкая дарога свабоды” літаратуразнавец Арсень Ліс, з’яўляўся і выпадак, калі Алесь Салагуб схапіў чарнільны прыбор са стала і кінуў ім у твар ката. А каты такое не даруюць. Гэты выпадак, найхутчэй, і мог паўплываць на рашэнне таго псеўдасуда.
Дзесьці ў 1956-1957 гадах адзін лейтэнант прывёз у родную вёску Зарудзічы, што на Смаргоншчыне, маці Алеся Салагуба даведку аб рэабілітацыі сына і сказаў, што быццам ён памёр у лістападзе 1941 года. І нават называлася прычына смерці – запаленне лёгкіх. Калі ж пасланец зачытаў, што Алесь Салагуб памёр, жанчына запратэставала: „Не памёр, а забілі”. Алесю Салагубу было толькі 28 гадоў.
Уся творчасць Алеся Салагуба раскідана па заходнебеларускіх выданнях і выданнях БССР да 1934 года. Гэта вершы, артыкулы, турэмныя запісы. Пасля першага зборніка „Лукішкі” (1929) прайшло ўжо 92 гады. Так ніхто з нашых даследчыкаў не парупіўся сабраць лепшыя творы Алеся Салагуба пад адну вокладку і выдаць асобнай кнігай. Алесь Салагуб застаецца сёння амаль забыты. Вельмі шкада. А ён даўно заслугоўвае, каб літаратурная спадчына нашага літаратара вярнулася да беларусаў.
