
Беларускі ПЭН працягвае хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры.
Па стане на 15 траўня: Людзей слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 156. Таксама вядома, што:
– У дачыненні да палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу.
– Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы судзілі фатографа Аляксандру Мельнічак.
– Затрымалі музыку Дзмітрыя Глушчанку .
– «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігі «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997) і «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча (2017).
– Менеджар і пісьменнік Сяргей Макарэвіч асуджаны на 2 гады «хіміі».
Раней ПЭН прадставіў вынікі маніторынгу за першыя тры месяцы 2024 году:
- За студзень – сакавік 2024 года ў Беларусі зафіксаваны 316 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Пазбаўленне права на справядлівы суд – асноўны від парушэнняў у дачыненні да працаўнікоў культуры (61 выпадак), стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці (у тым ліку прымусовая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый) – у дачыненні да арганізацый сферы культуры (18 фактаў).
- Парушэнні закранулі правы 135 дзеячаў культуры, 33 арганізацыі і супольнасці гэтай сферы. Не менш за 87 матэрыялаў – на тэму культуры або сацыяльныя сеткі працаўнікоў культуры – унесены Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», што таксама закранае правы некалькіх дзясяткаў дзеячаў і арганізацый сферы культуры.
- У калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») або на «хатняй хіміі» адбываюць пакаранне не менш за 158 працаўнікоў культуры.
