70 гадоў таму (1954) – Нарадзілася Вера Кунцэвіч, беларуская грамадзкая актывістка, стваральніца і кіраўнічка гарадзенскага хору «Бацькаўшчына».

Спадарыня Вера была шчырай актывісткай беларускага грамадскага руху, часта выязджала з сваім хорам “Бацькаўшчына” і выступала ў розных гарадах Беларусі і за мяжой, спявала на святах у Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі, плённа працавала ў розных культурных праектах.

Вера Кунцэвіч нарадзілася 22 траўня 1954 года. Яна прафесійны музыка, выкладала ў педагагічным каледжы (цяпер — Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я. Купалы) дырыжыраванне і фальклор. Пры гэтай установе вяла таксама беларускамоўны гурток для дзетак, куды вадзілі сваіх дзяцей гарадзенскія беларусы.

Як вакалістка мела шырокі гукавы дыяпазон, але спявала звычайна альтам. Мастацкі кіраўнік хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына». Звязала з ім 20 гадоў жыцця. Хор не набыў статус народнага, па прынцыповых прычынах, і ўвесь час заставаўся аматарскім. Але быў нефармальнай выспай беларускай нацыянальнай культуры, вельмі актыўнай групай аднадумцаў, часта яго можна было пачуць на беларускіх фэстах, рэлігійных службах і нацыянальных каляндарна-абрадавых святах – Дзядоў, Калядаў, Купалля. Але таксама і на грамадска значных, і палітычных падзеях: Дня Беларускай Вайсковай Славы, Грунвальдскай перамогі, Дня Волі, Дня герояў.

Вера Кунцэвіч была вялікім чалавекам, якая стварала вялікую гісторыю нацыянальнага Адраджэньня. 22 траўня бягучага года ёй магло споўніцца 70 гадоў. Але век адраджэнкі быў нядоўгім. Спадарыня Вера памерла 27 ліпеня 2022 году, пахавана на могілках вёскі Парэчча, што ў Гарадзенскім раёне.