Польскія візавыя цэнтры ўнеслі змены ў правілы падачы на візу ў Беларусі. Яны тычацца людзей, старэйшых за 60 гадоў, якія падаюцца на візу па запрашэнні ад дзяцей і ўнукаў, што жывуць у Польшчы.

Такія заяўнікі змогуць рэгістравацца на падачу дакументаў у асобнай катэгорыі — «Priglashenie UW dla 60 i starshe od detej i vnukov».

Па новай сістэме можна падаць дакументы ў візавыя цэнтры Менска, Магілёва, Гомеля, Берасця, Баранавічаў і Пінска. Гародня, на жаль, у гэты пералік не ўваходзіць.

Аператар VFS Global адзначае: калі падчас праверкі рэгістрацыі ў візавым цэнтры будзе выяўленая неадпаведнасць названай катэгорыі, дакументы не прымуць.

Ваяводскія запрашэнні могуць выпісаць беларусы, якія жывуць у Польшчы з пастаянным дазволам на жыхарства, грамадзянствам, або якія жывуць у краіне не менш за пяць гадоў на падставе ДНЖ.