
25 траўня ў Бабруйскай калоніі № 2 сустракае свой 46-ы дзень нараджэння вядомы гарадзенец, журналіст і грамадскі дзеяч Павал Мажэйка. Яго арыштавалі 30 жніўня 2022 года пасля вяртання ў Беларусь і незаконна засудзілі на 6 гадоў зняволення.
Павал Мажэйка – менеджар культуры, стваральнік культавай гарадзенскай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» і моцнага грамадскага асяродку, вядомы журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гародні і пра Гародню. Ён падтрымліваў шматлікія грамадскія ініцыятывы і сам многія ініцыяваў з іх.
Паводле адукацыі ён выкладчык гісторыі і культуралагічных дысцыплінаў, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Быў журналістам адной з першых незалежных газетаў «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацаваў з інфармацыйным агенцтвам БелаПАН, тэлевізійнаю кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў. Быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзідэнта ад апазіцыі на выбарах-2006.
Цягам 14 гадоў Павал быў аўтарам і вядоўцам шэрагу публіцыстычных і гістарычных праграмаў на «Белсаце»: «Два на два», «Intermarium», спецпраектаў палітычных дэбатаў ды іншых.
Ён адзін з першых палітычных вязняў Беларусі: у 2002-м яго засудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на прэзідэнта ў матэрыяле адной з першых незалежных газетаў «Пагоня». Павал адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу – працаваў на пілараме. Паводле амністыі тэрмін скарацілі на год, газету «Пагоня» закрылі.
У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця надаў сваю пляцоўку для збору і працы валанцёраў, якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Сюды звозіліся ахоўныя касцюмы ды іншыя рэчы, неабходныя медыкам, тут збіраліся валанцёры, якія сабралі ўласнаруч тысячы ахоўных экранаў.
У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у Цэнтры гарадскога жыцця партрэт дзеяча антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла выклікалі на допыт у гарадзенскую пракуратуру, дзе яго затрымалі. У дачыненні Паўла і Алеся Пушкіна пачалі крымінальную справу за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Пасля 72 гадзінаў затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкаю «зніклі падставы для затрымання».
12 траўня 2021 года эканамічны суд Гарадзенскай вобласці пастанавіў зліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця, нягледзячы на тое, што пад зваротам дзеля абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 асобаў, сярод якіх – знакамітыя гарадзенцы, якія заступаліся за цэнтр публічна.
У пачатку 2022 года крымінальную справу супраць Мажэйкі спынілі. Павал мог з’ехаць з Беларусі ўжо тады, аднак застаўся ў краіне. Для яго было прынцыповым не ўцякаць, не эміграваць. Адмаўляўся ад усіх працаў і праектаў, якія вымагалі ягонай прысутнасці толькі за мяжою, дзеля магчымасці ездзіць у Беларусь. Гэтак ён жыў некаторы час на дзве краіны, Беларусь і Польшчу.
Аднак 30 жніўня 2022 года Паўла зноўку затрымалі і арыштавалі. Пры затрыманні яго моцна збілі.
26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі (менавіта ён яшчэ ў Лідзе прысудзіў калонію Вітольду Ашурку), засудзіў Мажэйку да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
