
Помнік мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву), першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі адкрылі ў Гародні 26 траўня. Помнік усталяваны на тэрыторыі храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Праца над ім доўжылася цягам 2 з паловай гадоў. Вышыня бронзавага помніка разам з пастаментам – 4,6 метра. Скульптура выканана з бронзы, пастамент вышынёй 80 сантыметраў з граніту. Скульптар — Павел Лук.
Характэрна, што на помніку беларускамоўны тэкст. Мітрапаліт Філарэт, у адрозненне ад цяперашняга экзарха Веніяміна, у цэлым станоўча ставіўся да беларускасці ў праваслаўнай царкве Беларусі.
У цырымоніі адкрыцця помніка ўдзельнічалі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, іншыя чыноўнікі і царкоўнікі.
Мітрапаліт Філарэт узначальваў Беларускую праваслаўную царкву цягам 35 гадоў, ён памёр у студзені 2021 году.

