Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch сумесна з Беларускай Асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека і ініцыятывай «Права на абарону» прадставіла даклад з аналізам становішча адвакатаў у Беларусі. На жаль, адвакаты, якія абараняюць фігурантаў палітычна матываваных спраў у Беларусі, самі сталі ахвярамі рэпрэсій.

Улады ператварылі сістэму юстыцыі ў насмешку над правасуддзем

«Сістэматычна пераследуючы адвакатаў-праваабаронцаў, уціскаючы іх правы і парушаючы правы іх кліентаў па палітычна матываваных справах, беларускія ўлады ператварылі сістэму юстыцыі ў насмешку над правасуддзем і пазбавілі беларусаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва і роўную абарону перад законам», — заявіла малодшы даследчык Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Анастасія Круопе, піша DW.

Пераслед адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі з’яўляецца часткай больш шырокага падаўлення любых формаў іншадумства з боку ўладаў, якое ахапіла гэтую краіну перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і на фоне масавых грамадскіх пратэстаў пасля іх, адзначае HRW. Адвакаты ў Беларусі «з’яўляюцца выратавальным кругам» для тых, каго пераследуюць за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, аднак улады «ствараюць шматлікія перашкоды», якія не дазваляюць ім эфектыўна выконваць свае абавязкі, калі яны бяруцца за палітычна матываваныя справы, адзначаюць праваабаронцы.

Упершыню ў гісторыі Беларусі адвакаты апынуліся ў турме

У прыватнасці, улады адмаўляюць беларускім адвакатам у доступе да іх падабаронных, праслухоўваюць і запісваюць канфідэнцыйныя размовы абаронцаў і кліентаў, прымушаюць адвакатаў падпісваць пагадненні аб невыдаванні інфармацыі і адвольна закрываюць судовыя працэсы ад грамадскасці. Гэта пазбаўляе адвакатаў магчымасці рабіцца матэрыяламі спраў з незалежнымі экспертамі і выкрываць сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў публічнай прасторы, паказваюць аўтары дакладу.

Акрамя таго, упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі адвакатаў пасадзілі ў турму па палітычных абвінавачваннях у адплату за іх працу з падабароннымі ў палітычна матываваных працэсах, заявілі праваабаронцы. «Прынамсі шэсць адвакатаў — Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч і Аляксей Бародка — цяпер адбываюць тэрміны ад 6 да 10 гадоў паводле сфабрыкаваных палітычна матываваных абвінавачванняў», — паказалі яны.

Новы Час