
Польшча вяртае 200-мятровую буферную зону і накіроўвае спецназ на мяжу з Беларуссю. Пра гэта заявілі прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, наведваючы размяшчэнне польскіх пагранічнікаў у вёсцы Дубічы-Царкоўныя каля Белавежскай пушчы.
Наведванне мяжы і новыя рашэнні звязваюць з нядаўнім здарэннем, калі з-за плота на мяжы з Беларуссю мігрант нажом сур’ёзна параніў польскага жаўнера. Назваўшы напад “бандыцкім”, кіраўнік Мінабароны Польшчы зазначыў, што сітуацыя “з кожным днём становіцца ўсё больш складанай, гэта арганізаваная акцыя беларускіх службаў”. Паводле яго слоў, зараз на мяжы знаходзіцца 5,5 тысяч жаўнераў, акрамя таго, днямі былі перакінуты “самыя вопытныя спецназаўцы”. Таксама паліцэйскія сілы будуць больш актыўна задзейнічаны на ўчастках, дзе адбываюцца спробы масавых прарываў.
Тым часам стала вядома, што паранены польскі жаўнер, які спачатку трапіў у Гайнаўскі шпіталь і перанёс сур’ёзную аперацыю, меркавана будзе перавезены ў Варшаву. «Найгоршае ўжо за яго плячыма» – кажуць дактары.
