
Беларусь прыпыніла выкананне шэрагу міжнародных дамоваў аб унікненні падвойнага падаткаабкладання з 1 чэрвеня 2024 года па 31 снежня 2026 года ў частцы артыкулаў, якія рэгулююць падаткаабкладанне дывідэндаў, працэнтаў і даходаў ад адчужэння маёмасці. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 7 сакавіка 2024 года нумар 164, паведамілі БЕЛТА у Міністэрстве па падатках і зборах.
У пералік дзяржаў, з якімі прыпыняецца выкананне некаторых палажэнняў міжнародных дагавораў, увайшлі ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Германія, Вялікабрытанія і іншыя. Усяго ў спісе 27 краін, фактычна ўсе еўрапейскія краіны, з якімі былі такія пагадненні.
Па словах чыноўнікаў, такое рашэнне прынятае ў адказ на заходнія санкцыі. «Тэрмін прымянення меры ў адказ можа быць скарочаны ў разе зменаў абставінаў, якія паслужылі падставай для яе прымянення, або па прапанове Міністэрства па падатках і зборах».
