
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк паведаміў, што ўрад адтэрмінуе ўвядзенне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Зона павінна была быць утворана заўтра, 4 чэрвеня, але з-за затрымкі ў справе планавання да гэтай тэмы вернуцца напрыканцы тыдня, паведамляе rmf24.pl.
“Мы працуем над пастановай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі ў адпаведнасці з тым, што прэм’ер-міністр абвясціў у мінулую сераду. Мы не чакаем, што гэтае рашэнне будзе прынятае заўтра. Мы хочам мець яшчэ трохі часу, некалькі дзён, каб пракансультавацца з мясцовымі органамі самакіравання, нацыянальным паркам і грамадскімі арганізацыямі,” – сказаў Томаш Сямоняк.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі загадаў працягваць перамовы з падляшскім ваяводам.
“Мы хочам, каб гэтае рашэнне, якое прапануе памежная служба, міліцыя і войска, максімальна ўлічвала інтарэсы мясцовага насельніцтва і мясцовых прадпрымальнікаў,” – дадаў палітык.
Сямоняк паведаміў, што цяпер урад прыняў «гнуткую формулу адлегласці ад мяжы», якая павінна ўлічваць інтарэсы розных суб’ектаў.
Між тым мігранцкі крызіс на мяжы цэлы час інспіруецца дзеяннямі Масквы і філіялам крамлёўскага рэжыму ў Менску.
7.694 спробы пранікнення нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі спынілі ў мінулым траўні Літва, Латвія і Польшча. Гэта амаль на 22% больш, чым у красавіку, і на 63% больш, чым у траўні 2023 года. Пра гэта сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз звестак іх памежных службаў. Прытым Польшча прадухіліла болей 7 тысяч такіх спробаў.
У такой сітуацыі Польшча планавала ўводзіць з 4-га чэрвеня буферную зону.
Пра гэта заяляў віцэ-прэм’ер Польшчы — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Паводле слоў чыноўніка, у гэты дзень мелася набыць моц пастанова Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі з часовай забаронай на знаходжанне ў памежнай паласе. Буферная зона можа ахапіць пераважна Гайнаўскі павет (26 населеных пунктаў), таксама ў яе ўвойдзе адзін населены пункт Беластоцкага павета Падляшскага ваяводства. Мелася ўводзіць абмежаванні спачатку на 90 дзён з магчымасцю падаўжэння.
