
Грамадска-палітычны актывіст Сяргей Верамеенка, які зараз жыве за мяжой і супраць якога вядзецца спецвытворчасць па сфабрыкаванай крымінальнай справе, выклаў у фэйсбуку фота свайго гарадзенскага дому, на які наклалі арышт і апячаталі дзверы.
Верамеенка піша: “Вось так зараз выглядае наш дом у Гародні. Той самы дом, які калісьці належыў маяму дзеду – ветэрану Другой Сьвятовай вайны, кавалеру ордэна “Айчынная вайна”, Пракопчыку Сьцяпану Васілевічу. Разам з маёй бабуляй, Пракопчык Надзеяй Георгіеўнай, яны мелі зямельны надзел і лес. Жылі ў вёсцы Бірулічы, што каля Скідзеля. Зямлю зь лесам у 1950-х забралі бальшавікі. Пад пагрозай высланьня ў Сібір. Трохі пазьней, дзед з бабуляй набылі дом у Гарадзенскай Пярэселцы. Тыдзень таму, пад кіраўніцтвам некага канторшчыка Тверского, гарадзенскі дом (разам з адрынай і гаражом) “адціснулі” нашчадкі бальшавікоў”.
Верамеенка пры тым папярэджвае злачынцаў-экспрапрыятараў: “Хачу вам перадаць, што ўсё стане на свае месцы. А той, хто “набудзе” дом, абавязкова атрымае ад мяне ліст з падрабязным апісаньнем: чый гэта дом, у каго скрадзены, і з тлумачэньнем ступені адказнасьці за скупку скрадзенага. Нароўні з адказнасьцю той банды, якая “проста выконвае загады”. Сатрупнікам “органаў” нагадваю, што ўсе вашыя крокі занатаваныя. Згодна пэрсаналій. Ня можа быць заўсёды так як ёсьць зараз”.



