
Удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-1947 гадах Іван Тарасюк нарадзіўся 3 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Глоўсевічы на Слонімшчыне.
У 1943-1944 вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. Пасьля вайны працаваў настаўнікам у школах вёсак Глоўсевічы і Сурынка на Слонімшчыне, затым – на чыгуначнай станцыі ў Слоніме і ў рэдакцыі раённай газэты «Вольная праца».
З канца 1946 году кіраваў настаўніцкай групай патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне, якое існавала пад кансьпірацыйным назовам «Чайка». У групу ўваходзілі Ільля Янушкевіч, Міхась Кашэня і іншыя. Па даручэньні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху пранік у сыстэму органаў МГБ Слонімскага р-ну. Ня быў арыштаваны, не была арыштаваная і ўся настаўніцкая група, але ў сувязі з разгромам савецкімі карнымі органамі цэнтральных структур падпольля група перастала дзейнічаць.
Жыў у Слоніме. Памёр 01.04.1976. Пахаваны на могілках у Слоніме.
