
Мужчына, які нядаўна вызваліўся з наваполацкай калоніі, расказаў радыё «Свабода» пра тое, каго з палітвязняў бачыў у няволі і што чуў пра здзекі з іншых.
Вызвалены, які пажадаў застацца ананімным, трапіў за краты спачатку паводле наркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, а затым – паводле палітычнага артыкулу 130, але заяўляе аб сваёй невінаватасці. Ён расказвае, што да яго ранкам 10 жніўня 2021 года прыйшлі з ператрусам, шукалі нацыянальную сімволіку і аглядалі тэлефон, нічога не знайшлі, але заявілі, што знайшлі крыху сухога лісця дзікіх канопляў. Цікавіліся братам, які быў больш актыўным у пратэстах.
Асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі», адпусцілі з залі суда і тут жа затрымалі за распальванне варожасці, прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Мужчына падаваў скаргу, тэрміну не змянілі.
У траўні 2022 года ён трапіў у наваполацкую Папраўчую калонію № 1 і атрымаў жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму».
Зняволены бачыў у калоніі вядомых палітвязняў, якіх пазбавілі сувязі з вонкавым светам (рэжым інкамунікада): Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і Анджэя Пачобута. Усе трое моцна схуднелі, усіх траіх кідаюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Пра Анджэя Пачобута мужчына выказваецца як пра вельмі моцнага і маральна трывалага чалавека, але адзначае, што ён мае праблемы з сэрцам і высокі ціск. Мужчына нейкі час быў у адным атрадзе з Пачобутам, але кажа, што цяпер журналіста пастаянна трымаюць у ПКТ. Паміж перыядамі ў ПКТ Пачобута на 1–2 дні кладуць у медсанчастку нібы на абследаванне, але суразмоўца перакананы, што за такі час нічога не паспеюць абследаваць.
За кантакты з Пачобутам і Бабарыкам іншым зняволеным пагражаюць санкцыямі, то бок змяшчэннем у ПКТ. Таму іншыя вязні баяцца з імі нават вітацца.
