
Яшчэ адзін польскі памежнік паранены на мяжы з Беларуссю. У параненага дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Таксама ў мужчыны пашкоджаная вачніца, ёсць рызыка, што «вока не ўдасца ўратаваць», піша выданне. Стан памежніка медыкі ацэньваюць як цяжкі.
Пра тое, што чарговы супрацоўнік Памежнай аховы Польшчы атрымаў раненне на мяжы з Беларуссю, прэс-служба ведамства паведаміла раніцай 4 чэрвеня.
Інцыдэнт здарыўся 3 чэрвеня ў раёне Белавескай пушчы. Паводле Памежнай службы Польшчы, «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла яго па галаве галінай дрэва. Памежніка шпіталізавалі.
Пра напады мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Еўразвяз з беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі таксама 28 і 31 траўня.
Мігрантаў, у асноўным з Блізкага Усходу, мэтна завозяць у Беларусь, адкуль яны спрабуюць трапіць у Еўразвяз пераважна праз мяжу з Польшчай. Гэты крок разглядаецца як частка больш шырокай стратэгіі дэстабілізацыі ЕЗ і аказання ціску на яго краіны.
