Удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-47 гг., сябра арганизацыи “Чайка” Іван Хомчык нарадзіўся 30 жніўня 1915 году ў вёсцы Глоўсевічы (Слонімскі раён).

Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе ў сваёй вёсцы Глоўсевічы. Перад Другой сусветнай вайной служыў у Польскім Войску ў Гдыні, дзе і заспела яго вайна. У верасні 1939 году  трапіў у нямецкі палон. У родную вёску Глоўсевічы вярнуўся ў канцы вайны. Пасля працаваў на сельскай гаспадарцы, а з арганізацыяй савецкіх саўгасаў — на Глоўсевіцкім участку саўгаса «Пераможац».

На пачатку 1946 году далучыўся да патрыятычнай сацыял-дэмакратычнай падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць Беларусі. Кіраваў падпольнай групай вясковай моладзі ў сваёй вёсцы.

У сярэдзіне 1947 году “Чайку” выкрылі савецкія спецслужбы пасля арыштаў сябраў Саюзу вызвалення Беларусі, якія былі выдадзены ўладам Алесем Бажко. Пасля гэтага пачаліся арышты ўдзельнікаў “Чайкі”, бо некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь з СВБ у выніку канспірацыйнай памылкі. Але група Івана Хомчыка не трапіла пад рэпрэсіі і ніхто з яе ўдзельнікаў не быў арыштаваны, бо без цэнтральнага кіраўніцтва падпольная група спыніла сваю дзейнасць.

Памёр 4 чэрвеня 1984 году у вёсцы Глоўсевічы.