Афіцыйны адказ Гарадзенскага гарвыканкаму наконт усталяваньня помніка пісьменьніку Васілю Быкаву апублікаваны на сайце Petitions.by.

Улады Гародні адказалі гараджанам, якія зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй за ўсталяваньне помніка пісьменьніку Васілю Быкаву (ён жыў у горадзе з 1947-га па 1949-ы і з 1955-га па 1972 год).

Гарадзенцы спасылаліся на тое, што ў «Гародні, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў, ягонае імя не ўвекавечанае належным чынам». Агулам пад пэтыцыяй падпісаўся 31 чалавек, піша bellit.info.

Паводле дакумэнту з подпісам намесьніцы старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Зоі Кулешы:

«Стварэньне і ўстаноўка падобных аб’ектаў нармуецца палажэньнем аб парадку стварэньня (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва».

З гэтага вынікае, што ўсталяваньне помнікаў гістарычным асобам не ўваходзіць у кампэтэнцыю гарвыканкаму. Паводле палажэньня, на якое спасылаецца старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму, помнікі ў абласных цэнтрах можна ставіць толькі на падставе рашэньняў аблвыканкаму. Праект помніка павінен таксама атрымаць заключэньне Міністэрства культуры і прайсьці ўзгадненьне ў Лукашэнкі. Вонкавы выгляд і архітэктурнае рашэньне зацьвярджае рэспубліканская мастацка-экспертная рада.