Жонка гарадзенскага палітвязня і журналіста Дзяніса Івашына ўскоснымі шляхамі даведалася, што яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Такі “падарунак” падрыхтавала адміністрацыя калоніі палітвязню да дня нараджэння. Інфармацыю, па словах Івашынай, здабыў Вітаўт Сіўчык.

Вольга Івашына інфармуе: “Пан Вітаўт нават даведаўся пра “прычыну”, дакладней, фармальную зачэпку, з нагоды якой нашага ваяра катуюць халоднай адзіночнай камерай: Дзяніс адмовіўся пераходзіць у іншую камеру ў якой, хутчэй за ўсё, знаходзіўся вязень зь “нізкім статусам”. Па-за сьценамі вязьніцаў гэтая акалічнасьць наўрад ці каго б зацікавіла, але за кратамі сітуацыя іншая, на жаль, таму ў Дзяніса ў такім выпадку выбару не было”.

Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.

Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Зняволенне Івашын адбывае зараз ў турме №8, адной з сама жорсткіх у сістэме цяперашняга рэжыму.