Якія дакументы дапамогуць пры аргументацыі для атрымання міжнароднай аховы? Іх пералік дае сайт Святланы Ціханоўскай. З кожным годам колькасць беларусаў, якія вымушана з’язджаюць за мяжу, павялічваецца. Вялікі адсотак з іх пакідае краіну менавіта з-за рызыкі рэпрэсій. Каб легалізавацца ў розных краінах па прычыне пераследу, людзям патрэбныя доказы і пацвярджэнні, што перабыванне на радзіме для іх небяспечна.

У такім выпадку могуць спатрэбіцца афіцыйныя міжнародныя дакументы, піша юрыдычная каманда Офіса Ціханоўскай. Каманда рэгулярна атрымлівае і апрацоўвае запыты беларусаў і беларусах аб дапамозе. Наданне міжнароднай аховы істотна залежыць ад асабістых абставінаў заяўніка – тых, якія паўплывалі на немагчымасць вяртання чалавека ў Беларусь. Аднак пры разглядзе запыту да ўвагі бярэцца таксама агульная ацэнка сітуацыі ў краіне. Заяўнік можа скарыстацца дакументамі ад міжнародных арганізацый – у тым ліку дакладамі Amnesty International і Human Rights Watch, а таксама дакументамі ад такіх беларускіх арганізацый як ПЦ “Вясна” і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Поўныя спісы прыведзеныя на сайце tsikhanouskaya.org.