Беларускі пісьменнік, перакладчык, журналіст Яўген Бяласін нарадзіўся 9 чэрвеня 1954 года ў вёсцы Грынявічы Свіслацкага раёна, што непадалёк вядомага мястэчка Поразава. У 1975 годзе ён скончыў Менскі інстытут замежных моваў. Працяглы час, ажно дваццаць гадоў Бяласін працаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам нямецкай мовы і іншых германісцкіх курсаў. У 2001 годзе за сваю грамадскую пазіцыю быў звольнены з працы паводле палітычных матываў. Пасля працаваў як незалежны перакладчык і журналіст.

З канца 1980-ых гадоў Яўген Бяласін быў актывістам адраджэнцкага і дэмакратычнага руху ў Брэсце. У канцы 1990-ых – пачатку 2000-ых гадоў узначальваў Брэсцкую гарадскую раду структуры Беларускага Народнага Фронту. У 1990-ыя гады быў дырэктарам Брэсцкай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, кіраваў беларускім вечаровым ліцэем пры ім. Як журналіст і публіцыст супрацаваў з газетамі «Брестский курьер», «Новы час» і іншымі незалежнымі СМІ.

Яўген Бяласін вядомы як эсэіст, аўтар сотняў публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. Перакладаў не толькі з нямецкай, але таксама з англійскай і польскай моваў ды з розных моваў на нямецкую. У суаўтарстве з мовазнаўцам Лявонам Баршчэўскім Яўген Бяласін падрыхтаваў і выдаў «Кароткую граматыку нямецкай мовы» (Мінск, 2012 год). Ён таксама аўтар шматлікіх перакладных і ўласных кніг. Перакладаў пераважна нямецкамоўную класіку. Самыя вядомыя і важныя з перакладзеных кніг Яўгенам Бяласіным: Петэр Гандкэ. «Шаршні»; Чарльз Дыкенс. «Олівер Твіст»; Сэбасьцьян Хафнэр. «Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914-1933»; Зыгмунд Фройд. «Дыскамфорт ад культуры»; Фрыдрых Шылер. «Выбраная паэзія» (у серыі «Паэты планеты, у суаўтарстве); Фрыдрых Шылер. Пальчатка. (Friedrich Schiller. Der Handschuh.) Вершы і балады. Драмы; Стыг Дагерман. Забіць дзіця; Вольфганг Борхерт. Апавяданні; Петэр Слётэрдайк. Прыйсці на свет, прыйсці да мовы. Франкфурцкія лекцыі; Гайнрых Гайнэ. «Пра Польшчу» (пераклад зь нямецкай); Алесь Разанаў. “І вынайшаў сабе я крылы – вось яны”, Білінгва. (з беларускай на нямецкую, як суперакладчык). Значныя аўтарскія мастацкія кнігі: «На пераломе» (вершы, кароткая проза, пераклады), «Шчупакабра» (рыбацкія гісторыі), «Подземелья Бреста, крепости и…» Журналистское исследование с элементами литературы существования.

Пісьменнік быў вельмі актыўны на сустрэчах з чытачамі і аматарамі беларускага пісьменства, стараўся прыязджаць і прыходзіць на такія вечарыны ў розных месцах, нават калі іх праводзіць стала вельмі праблемна. Любіў прыроду, збіраць грыбы, быў дастаткова спартыўным чалавекам, вельмі шмат ездзіў на ровары, можна сказаць, што быў ідэолагам брэсцкага роварнага руху. Быў таксама апантаным рыбаловам, пра гэта сваё захапленне напісаў кнігу.

Памёр Яўген Бяласін 10 сакавіка пасьля ўскладненняў, выкліканых каронавіруснай хваробай. «Медыцыну нашу не прабіць» – напісаў ён у сваім апошнім лісце ў «Новы час». У сваім апошнім допісе на фэйсбуку 2 сакавіка выступіў супраць размяшчэння расейскіх войскаў на беларускай зямлі, якія прыехалі на савецкай тэхніцы і страляюць па Украіне, забіваючы людзей. Допіс завяршаўся так: «Але беларусы скажуць яшчэ сваё слова».

Пахаваны Яўген Бяласін на берасцейскіх Паўночных могілках.