
10 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся новы крымінальны палітычны працэс, у якім судзяць адразу ажно чатырох чалавек. Фігуруе частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу
(Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Іх судзяць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 году.
Пад крымінальны пераслед патрапілі: Сяргей Занямонскі, Юрый Сцепаненка, Алена Тарасевіч, Галіна Шумель.
Карны працэс вядзе суддзя Уладзімір Пазняк. Ён ужо вядомы сваімі шматлікімі карнымі палітычнымі прысудамі. Асабліва “ударным” для яго быў 2023 год. У жніўні 2023 году Пазняк засудзіў гарадзенца Сяргея Ботвіча да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; у чэрвені таго ж году – Ірыну Савашынскую да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў так званую папраўчую ўстанову, а Аляксея Паўленку – да 1 году і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у так званую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу; у лютым таго ж году – Андрэя Навасельчана – да 2 гадоў калоніі; у траўні таго ж году – Юрыя Хлебаўца – да 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
