
У Ашмянах прызначаны новы начальнік мясцовага РАУС. Яго на адмысловым паседжанні “личному составу” прадставіў начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму генерал-маёр міліцыі Дмитрий Резенков. Камандаваць ашмянскай міліцыяй цяпер будзе Віталь Вербаль.
На паседжанне сабралася надзвычай шмат розных рэгіянальных і ведамасных чыноўнікаў рознага рангу: старшыня Ашмянскага райвыканкаму Уладзіслаў Гершгорын, пракурор Ашмянскага раёну Сяргей Кавальчук, начальнік РАНС Андрэй Горбач, начальнік раённага аддзелу Следчага камітэту Віктар Мацэвіч, ваенны камісар Ашмянскага раёну Ігар Місюкевіч, першы намеснік начальніка раённага аддзела Дэпартаменту пагранічнай групы па аператыўнай дзейнасці Аляксей Казулёў, начальнік мытнага паста “Каменны Лог” Сяргей Мацвееў, начальнік Ашмянскага міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз Валерый Галамбоўскі.

Вербаль нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Першамайск Шчучынскага раёну. У 2000 годзе скончыў Магілёўскую школу міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у 2006 годзе – Акадэмію МУС. Пачаў кар’еру ў органах унутраных спраў з пасады ўчастковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкаму. Непрацяглы час працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У 2004 годзе прызначаны намеснікам начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі.
У 2008 годзе Віталь Вербаль узначаліў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі аддзелу ўнутраных спраў Гарадзенскага райвыканкаму. З 2009 года служыў на розных пасадах у аддзеле ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні: старшым аператыўным дзяжурным аператыўна-дзяжурнай службы, оперупаўнаважаным аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, старшым оперупаўнаважаным, намеснікам начальніка гэтага падраздзялення. У 2016 годзе прызначаны начальнікам аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, з 2020 году да гэтага часу быў першым намеснікам начальніка аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні – начальнікам крымінальнай міліцыі.
