Цягам траўня праваабаронцы ПЦ “Вясна” адзначалі працяг масавых палітычных рэпрэсій па крымінальных справах. Паводле звестак “Вясны” у траўні былі засуджаныя не менш за 145 чалавек, з якіх 31 — жанчыны, 114 — мужчыны. Акрамя гэтага, за мінулы месяц засудзілі не менш за шэсць сем’яў. На момант публікацыі матэрыялу праваабаронцам вядомыя падрабязнасці 39 крымінальных спраў. 

Рэгіянальная структура пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах у траўні выглядала наступным чынам:

  • Менск — 76 чалавек;
  • Берасцейская вобласць — 34 чалавекі;
  • Гарадзенская вобласць — 12 чалавек;
  • Гомельская вобласць — 11 чалавек;
  • Менская вобласць — 8 чалавек;
  • Магілёўская вобласць — 2 чалавекі;
  • Віцебская вобласць — 2 чалавекі.

У структуры крымінальнага пераследу па палітычных матывах штомесяц фіксуюцца выпадкі паўторнага і наступнага судовага пераследу грамадзян. Пры гэтым у траўні стала прыкметная вельмі негатыўная тэндэнцыя асуджэння ахвяр рэпрэсій паводле 411 артыкула КК ужо пасля таго, як яны былі асуджаныя па гэтым жа артыкуле раней. Паводле артыкула 411 КК паўторна пераследвалі Івана Вярбіцкага ды Сяргея Яфімава ў судзе Барысаўскага раёна.

Паводле spring96.org