Анджэй Пісальнік і Інэс Тодрык

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачаўся грамадзянскі працэс аб адмене здзелкі куплі-продажу кватэры. Ініцыятарам стала пракуратура горада. Адказчык — журналістка і актывістка Іна Тодрык-Пісальнік, якая з 2021 года па палітычных прычынах жыве з сям’ёй у Польшчы. Такія працэсы абяцаюць стаць рэгулярнымі.

13 чэрвеня суддзя Наталля Шышко пачала разглядаць справу «аб устанаўленні факту нікчэмнасці здзелкі куплі-продажу кватэры, прымяненні наступстваў яе несапраўднасці, прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора і пераходу права ўласнасці на кватэру».

Істцом выступае Міністэрства фінансаў і пракуратура Гародні.

Чаму эмігранты прадаюць кватэры?

У Беларусі пачалі ўжываць практыку завочных крымінальных спраў. Ад палітыкаў, якія дзейнічаюць адкрыта, перайшлі да журналістаў і грамадскіх актывістаў. Пры гэтым арыштоўваюць маёмасць, каб потым канфіскаваць яе, прадаць і пакрыць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду.

Прадаць маёмасць без прысутнасці ў Беларусі можна толькі з дапамогай генеральнай або мэтавай даверанасці. Пры гэтым з 4 верасня 2023 года прымаецца толькі даверанасць, аформленая ў Беларусі. Паводле інфармацыі Hrodna.life, рыэлтарам і натарыусам, якія такім чынам афармляюць здзелкі, пачалі перашкаджаць улады.

Анджэй Пісальнік і Іна (Інэс) Тодрык-Пісальнік — журналісты, рэдактары сайта ZnadNiemna.pl і актывісты незарэгістраванага Саюза палякаў. У красавіку 2021 года ў сям’і дома прайшоў агляд, а Іну і Анджэя павезлі ў Менск на допыт у якасці сведак па справе, па якой абвінавачаным праходзілі іншыя лідары Саюза палякаў. Пракуратура сцвярджала тады, што дзейнасць Анджэя Пісальніка шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. З-за пагрозы арышту і канфіскацыі сына з сям’і Пісальнікі вырашылі пакінуць краіну. Медыя, на якія Іна і Анджэй працуюць, прызналі экстрэмісцкай інфармацыяй.

https://hrodna.life/