
Сталая сувязь з палітвязнем Дзянісам Івашыным, якая была раней у сваякоў – маці і жонкі, апошні месяц перапынілася.
Вольга Івашына паведамляе наступнае: “У ШЫЗА яму не даюць нават выпісаныя ім пэрыядычныя выданьні, ня кажучы ўжо пра карэспандэнцыю ад нас. Таму, мяркую, Дзяніс за такі працяглы пэрыяд поўнай ізаляцыі згаладнеў на навіны пра нас і ўвесь сьвет. І мы, на жаль, ня ведаем, ці ён усё яшчэ знаходзіцца ў ШЫЗА, ці да яго ўжо даходзяць нашыя лісты.
Зараз мы чакаем ад яго нейкай вестачкі, якой няма ўжо без малога месяц Немагчыма прызвычаіцца да такіх рэчаў. Чалавечая прырода гэтага прыняць ня можа”.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Зняволенне Івашын адбывае зараз ў турме №8, адной з сама жорсткіх у сістэме цяперашняга рэжыму.
