Новы аб’ект грамадска-дзелавога прызначэння з’явіцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі на Фолюшы.

На аўкцыён выстаўляюць адразу тры будынкі за вельмі маленькія грошы. Размова ідзе аб двух штабах і камандным пункце, якія размешчаны на вуліцы Яснапольскай, 12, 12/1 і 12/2. Дарэчы, будынкі штабоў (абодва – двухпавярховыя, плошча кожнага – каля 1300 кв. м.) былі пабудаваны ў 1951 годзе, камандавы пункт плошчай амаль 441 кв. м. – у 1986-м.

Пакупнік мусіць цягам шасці месяцаў з дня падпісання дагавора куплі-продажу распрацаваць і зацвердзіць праект капрамонту, мадэрнізацыі ці рэканструкцыі і за тры гады выканаць гэтыя работы. Яшчэ адна важная ўмова – пачаць выкарыстоўваць абноўленыя будынкі трэба не пазней за тры месяцы з даты ўводу іх у эксплуатацыю.

Па ўмовах таргоў, рэканструяваць будынкі можна пад аб’ект грамадска-дзелавога прызначэння. Акрамя нерухомасці, новы ўласнік атрымае ў арэнду ўчастак плошчай амаль 2 гактары на 10 гадоў.

Усе тры будынкі прадаюць адным лотам усяго за тры базавыя (кожны – за адну базавую), гэта значыць за 120 рублёў.

Аўкцыён адбудзецца 19 ліпеня.