
Польшча можа закрыць апошнія два памежныя пераходы з Беларуссю, заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў эфіры TVN24 увечары 22 чэрвеня.
Паводле кіраўніка польскага МЗС, намер закрыць пункты пропуску звязаны з сітуацыяй з мігрантамі на польска-беларускай мяжы.
«Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і праблемы скончыліся», – зазначыў Сікорскі.
Міністр таксама згадаў міграцыйны пакт, які Еўразвяз ухваліў у сярэдзіне траўня, і сказаў, што гэта хлусня, нібыта гэты дакумент прымушае Польшчу прымаць мігрантаў.
Прыняты пакт пакліканы рэгуляваць міграцыйныя пытанні ў Еўразвязе, у тым ліку, аспекты, звязаныя з аказаннем дапамогі краінам, якія адчуваюць міграцыйны ціск. Супраць пакту прагаласавалі тры краіны ЕЗ: Польшча, Славакія і Вугоршчына.
22 чэрвеня старшыня партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў пра намер ініцыяваць ужо ў гэтым верасні збор подпісаў аб правядзенні рэферэндуму па выхадзе Польшчы з міграцыйнага пакту Еўразвязу.
