У Беларусі назіраецца катастрафічны дэмаграфічны крызіс. Пра гэта сведчаць наступныя афіцыйныя лічбы.

Сёлета ў першы клас у Беларусі пойдзе рэкордна малая колькасць дзяцей. На восень 2024 мы маем усяго 97 тысяч першакласнікаў. Для параўнання: у 2023-м у школу пайшло 110 тысяч дзяцей, у 2022-м — 115 тысяч, у 2021-м — 118 тысяч.

У Беларусі мужчыны паміраюць вельмі рана — у сярэднім ледзь перажываюць 64 гады. Гэта афіцыйныя звесткі Белстата.

Цяпер у Беларусі мужчын ва ўзросце 65-70 гадоў — 220 тысяч, 70-75 гадоў — 150 тысяч, 75+ гадоў — яшчэ 150 тысяч. Агулам мужчын узросту 65+ у Беларусі жыве крыху больш за 500 тысяч чалавек. Жанчын у гэтым узросце амаль удвая больш, 900 тысяч.

Такая сітуацыя абумоўленая найперш знішчальнай палітыкай дзяржавы. З 2020 году ў краіне назіраюцца маштабныя палітычныя рэпрэсіі. Адно з іх наступстваў – масавы выезд людзей і эміграцыя. Нават улады прызналі, што за апошнія 4 гады з Беларусі з’ехала найменш 200 тысяч людзей (гэта два такія гарады як Ліда!). Рэальна ж краіну былі змушаныя пакінуць па палітычных і па эканамічных матывах ад 700 тысяч да мільёна грамадзян.

У такой сітуацыі працоўных рук становіцца ўсё менш, а значыць дзяржава ня зможа гарантаваць ранейшую, нават ўяўную “стабільнасць” і належна забяспечваць старэйшых людзей пенсіямі.