Мікола Статкевіч правёў за кратамі 1484 дні. “Прорва. Бездань. Колькі чарнаты і зла, колькі нізкіх энэргій ў гэта ўкладзена. Але святло абавязкова разгоніць цемру. Сёння гэта асабліва відавочна” — напісала ў сваіх сацсетках жонка Статкевіча Марына Адамовіч і павіншавала беларусаў са святам Сыходу Святога Духа.

31 траўня 2020 года аўтамабілю, у якім Статкевіч ехаў разам з жонкай, проста на праезжай частцы вуліцы Маякоўскага ў Менску перагарадзіў дарогу мікрааўтобус. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальвання і выцягнулі палітыка. Затрыманне трапіла на відэа.

Пазней яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Апошнюю інфармацыю пра палітвязня родныя Мікалая атрымалі 9 лютага 2023-га году.